«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,

назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага кмаунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

С.М.Ходзін.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)